Главная » Статьи » Человек и мир » 4 класс

Дзяржаўны герб і сцяг Рэспублікі Беларусь

Дзяржаўныя сімвалы Беларусі

У адпаведнасці з артыкулам 19 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь сімваламі Рэспублікі Беларусь як суверэннай дзяржавы з'яўляюцца яе Дзяржаўны сцяг, Дзяржаўны герб і Дзяржаўны гімн.

Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь

Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь з’яўляецца сімвалам дзяржаўнага суверэнітэту Рэспублікі Беларусь, уяўляе сабой прамавугольнае палотнішча, якое складаецца з дзвюх гарызантальна размешчаных каляровых палос: верхняй – чырвонага колеру шырынёй 2/3 і ніжняй – зялёнага колеру 1/3 шырыні сцяга.
Каля дрэўка вертыкальна размешчаны беларускі нацыянальны арнамент чырвонага колеру на белым полі, які складае 1/9 даўжыні сцяга.

Што азначаюць колеры сцяга?

Чырвоны колер - колер сонца, якое ўзыходзіць над нашай Радзімай. Таксама гэты колер сімвалізуе моц, энэргію і мужнасць нашага народу, які у любую хвіліну зможа абаранісь краіну ад ворагаў.

Зялены колер - колер нашай цудоўнай прыроды: нашых лясоў, азер, рэк. Акрамя таго, гэты колер сімвалізуе жыцце, адраджэнне, маладосць і працавітасць.

Белы колер - гэта колер сталасці, мудрасці, вопыту і яшче чысціні, духоўнасці, бязгрэшнасці. 

    Наш сцяг мае таксама арнамент з геаметрычных фігур. Узор гэты мае назву "узыходзячае сонца".  Вялікі ромб - гэта поле, на якім з пакон вякоў працуюць беларусы; крыж унутры ромба - гэта сімвал сонца, якое корміць прыроду, дае ей моц. Арнамент флага нібы кажа: "Узыйдзі, сонейка, сагрэй зямельку нашу, дай нам багаты ураджай!"

Пры цырымоніях і іншых урачыстых мерапрыемствах Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь выкарыстоўваецца з наканечнікам ромбападобнай формы з выявай пяціканцовай зоркі, аналагічнай яе выяве на Дзяржаўным гербе Рэспублікі Беларусь. Наканечнікі вырабляюцца з металу жоўтага колеру.

Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь узнімаецца або ўстанаўлiваецца:

  • на будынку рэзідэнцыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь – пастаянна;
  • на будынках Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь і Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь – пастаянна;
  • на будынку Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь – пастаянна;
  • на будынках органаў Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь – пастаянна;
  • на будынках судоў Рэспублікі Беларусь, мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў – пастаянна, а над будынкамі, у якіх праводзяцца пасяджэнні мясцовых Саветаў дэпутатаў, мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, – на час правядзення пасяджэнняў;
  • на будынках, тэрыторыях і сродках перамяшчэння дыпламатычных і консульскіх прадстаўніцтваў, на будынках гандлёвых устаноў Рэспублікі Беларусь, што знаходзяцца за мяжой, на марскіх суднах і іншых сродках перамяшчэння, на якіх у якасці афіцыйных асоб знаходзяцца Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь, Старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Прэм'ер-міністр Рэспублікі Беларусь або іншыя асобы, якія прадстаўляюць Нацыянальны сход Рэспублікі Беларусь або Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь, – у парадку, вызначаемым Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь;
  • у памяшканнях для галасавання – у дні выбараў і рэферэндумаў;
  • у вайсковых часцях Рэспублікі Беларусь згодна з вайсковым статутам;
  • на пагранічных заставах і прапускных пунктах (мытнях) Дзяржаўнай граніцы Рэспублікі Беларусь;
  • на марскіх суднах, суднах рачнога флоту, зарэгістраваных у Рэспубліцы Беларусь;
  • на спартыўных арэнах – у час правядзення чэмпіянатаў і першынстваў Рэспублікі Беларусь, міжнародных спартыўных спаборніцтваў з удзелам нацыянальных зборных і ў час узнагароджання беларускіх спартсменаў – пераможцаў міжнародных спаборніцтваў;
  • на іншых аб'ектах у адпаведнасці з распараджэннем Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, з рашэннем Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, мясцовых Саветаў дэпутатаў, мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў.
  • Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь можа быць узняты таксама на цырымоніях і іншых урачыстых мерапрыемствах, якія праводзяцца дзяржаўнымі і грамадскімі органамі, прадпрыемствамі, арганізацыямі і ўстановамі, у час народных, працоўных, сямейных свят і ў іншыя памятныя дні.

Дзяржаўны герб Рэспублікі Беларусь

Дзяржаўны герб Рэспублікі Беларусь з’яўляецца сімвалам дзяржаўнага суверэнітэту Рэспублікі Беларусь.

Дзяржаўны герб Рэспублікі Беларусь уяўляе сабой размешчаны ў сярэбраным полі зялёны контур Дзяржаўнай граніцы Рэспублікі Беларусь, накладзены на залатыя прамяні ўзыходзячага над зямным шарам сонца. Уверсе поля знаходзіцца пяціканцовая чырвоная зорка. Герб абрамляе вянок з залатых каласоў, пераплеценых справа кветкамі канюшыны, злева – кветкамі лёну. Вянок тройчы абвіты з кожнага боку чырвона-зялёнай стужкай, у сярэдняй частцы якой у аснове Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь у два радкі напісаны золатам словы: “Рэспубліка Беларусь”.

Пра што распавядае герб?

Што сімвалізуе контур тэрыторыі нашай дзяржавы на гербе?

Контур Беларусі ў цэнтры сімвалізуе тэратарыяльную цэласнасць дзяржавы ў яе міжнародна прызнаных межах.

Што азначае ўзыходзячае сонца?

Яднанне Зямлі і Сонца – галоўны знак жыцця. Гэтыя выявы на гербе адлюстроўваюць традыцыі нашых продкаў, якія пакланяліся багіні-маці Зямлі і ўзыходзячаму Сонцу. Сімвалы Зямлі і Сонца азначаюць надзею сучасных людзей на росквіт Беларусі.

Якое значэнне мае пяціканцовая зорка на гербе?

Пяціканцовая зорка – пентаграма -  знак бяспекі, мужнасці і высокіх памкненняў. Наяўнасць зоркі азначае  гатоўнасць кожнага жыхара да абароны сваёй Радзімы.

Чаму ў гербе нашай краіны вянок з каласоў, кветак ільну і канюшыны?

Вянок спрадвеку выкарыстоўваўся як узнагарода пераможцу. Блакітныя кветкі ільну і ружовыя кветкі канюшыны – найбольш характэрныя асаблівасці беларускай зямлі. Яны сімвалізуюць працу сялян і іх сувязь з прыродай, што пераканаўча  падкрэсліваюць залатыя, спелыя, важкія збожжавыя каласы – увасабленнне вечнасці жыцця.

Чаму вянкі паабапал герба спавіты чырвона-зялёнай стужкай?

Чырвона-зялёная стужка паўтарае элементы Дзяржаўнага сцяга, надпіс на ёй -“Рэспубліка Беларусь” – паведамляе, каму належыць дзяржаўны сімвал.

       У нашай краіне ўстаноўлена дзяржаўнае свята - Дзень Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь і Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь, якое штогод адзначаецца ў 2-ю нядзелю мая.

Выява Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь змяшчаецца:

  • на будынку рэзідэнцыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, на будынках палат Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь, Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь, міністэрстваў, дзяржаўных камітэтаў і іншых рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання Рэспублікі Беларусь, на будынках мясцовых Саветаў дэпутатаў, мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, судоў, органаў Пракуратуры Рэспублікі Беларусь, на будынках дыпламатычных і консульскіх прадстаўніцтваў, гандлёвых устаноў Рэспублікі Беларусь, якія знаходзяцца за мяжой; у памяшканнях шэрага іншых дзяржаўных устаноў;
  • на пячацях і бланках дакументаў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Парламента, Урада, міністэрстваў, дзяржаўных камітэтаў Рэспублікі Беларусь і г.д.;
  • на каштоўных паперах, аблігацыях, паштовых марках і латарэйных білетах Рэспублікі Беларусь;
  • на пашпартах грамадзян Рэспублікі Беларусь, а таксама на дыпламатычных і іншых замежных пашпартах, якiя выдаюцца грамадзянам Рэспублiкi Беларусь;
  • на пагранічных слупах, якiя ўстанаўлiваюцца на Дзяржаўнай граніцы Рэспублікі Беларусь, а таксама ў пунктах пропуску праз яе.

 

Дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь

Дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь уяўляе сабой музычна-паэтычны твор, якi выконваецца ў выпадках, прадугледжаных Законам Рэспублікі Беларусь ад 5 лiпеня 2004 г. нумар 301-З "Аб дзяржаўных сімвалах Рэспублікі Беларусь" і іншымі заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь.

Тэкст гімна

Дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь
Словы М.Клімковіча, У.Карызны
Музыка Н.Сакалоўскага

Мы, беларусы – мірныя людзі,
Сэрцам адданыя роднай зямлі,
Шчыра сябруем, сілы гартуем
Мы ў працавітай, вольнай сям'і.

Слаўся, зямлі нашай светлае імя,
Слаўся, народаў братэрскі саюз!
Наша любімая маці-Радзіма,
Вечна жыві і квітней, Беларусь!

Разам з братамі мужна вякамі
Мы баранілі родны парог,
У бітвах за волю, бітвах за долю
Свой здабывалі сцяг перамог!

Слаўся, зямлі нашай светлае імя,
Слаўся, народаў братэрскі саюз!
Наша любімая маці-Радзіма,
Вечна жыві і квітней, Беларусь!

Дружба народаў – сіла народаў –
Наш запаветны, сонечны шлях.
Горда ж узвіся ў ясныя высі,
Сцяг пераможны – радасці сцяг!

Слаўся, зямлі нашай светлае імя,
Слаўся, народаў братэрскі саюз!
Наша любімая маці-Радзіма,
Вечна жыві і квітней, Беларусь!

Праслухаць Дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь

Гімн.mp3

Дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь выконваецца:

пры ўступленні Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь на пасаду – пасля прынясення ім прысягі;

пры адкрыцці і закрыцці сесій Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь;

у час афіцыйнай цырымоніі ўзняцця Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь і іншых афіцыйных дзяржаўных цырымоній;

у час правядзення цырымоній сустрэч кіраўнікоў замежных дзяржаў, парламентаў і ўрадаў замежных дзяржаў, якія наведваюць Рэспубліку Беларусь з афіцыйнымі візітамі;

пры афіцыйных цырымоніях ускладання вянкоў кіраўнікамі замежных дзяржаў, парламентаў і ўрадаў;

пры правядзенні воінскіх рытуалаў – у адпаведнасці з агульнавоінскімі статутамі Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь;

пры афіцыйных цырымоніях у час спартыўных спаборніцтваў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь і за яе межамі – у адпаведнасці з правіламі арганізацыі гэтых спаборніцтваў.

Дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь можа выконвацца:

пры адкрыцці помнікаў, памятных знакаў i iншых збудаванняў, прысвечаных знамянальным падзеям у жыцці Рэспублікі Беларусь, у гонар знакамітых дзяржаўных, палітычных, грамадскіх і ваенных дзеячаў, народных герояў, дзеячаў навукі, мастацтва і культуры;

пры адкрыцці і закрыцці ўрачыстых сходаў, прысвечаных дзяржаўным святам Рэспублікі Беларусь;

у час урачыстых сходаў, якія праводзяцца дзяржаўнымі органамі і іншымі арганізацыямі;

грамадзянамi ў час народных, працоўных, сямейных свят і іншых урачыстых мерапрыемстваў пры забеспячэннi неабходнай павагi да Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь.

Дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь трансліруецца дзяржаўнымі тэлевізійнымі і радыёвяшчальнымі кампаніямі:

штодзень у пачатку i перад завяршэннем вяшчання, а пры кругласутачным вяшчанні – у 6 гадзін і ў 24 гадзіны;

у навагоднюю ноч – пасля бою гадзiннiка ў 24 гадзіны.

Пры афiцыйным выкананнi Дзяржаўнага гiмна Рэспублiкi Беларусь прысутныя слухаюць яго стоячы (мужчыны – без галаўных убораў, ваеннаслужачыя, іншыя асобы, для якіх прадугледжана нашэнне форменнага адзення, – у адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь).

Выкананне Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь пры правядзенні Рэспублікай Беларусь афіцыйных мерапрыемстваў на тэрыторыі замежных дзяржаў ажыццяўляецца ў адпаведнасці з правіламі, устаноўленымі Міністэрствам замежных спраў Рэспублікі Беларусь, законамі, правіламі і звычаямі дзяржавы знаходжання.

Категория: 4 класс | Добавил: Натали (19.05.2020)
Просмотров: 3136 | Комментарии: 2 | Рейтинг: 5.0/1
Всего комментариев: 2
avatar
0
1 verar81 • 12:34, 19.05.2020
Анастасия ознакомилась
avatar
0
2 cadovnik • 16:47, 19.05.2020
Саша азнаёміўся
avatar